20 кастрычніка 2004 года калектыў газеты «Салідарнасць» рыхтаваў да выпуску чарговы нумар. На працы чакалі і Вераніку Чаркасаву — за дзень да гэтага яна вярнулася з камандзіроўкі ў Мядзельскі раён, дзе рыхтавала матэрыял пра мясцовага мастака. Але ў офіс яна так і не прыйшла. У нейкі момант калегі не вытрымалі і пачалі тэлефанаваць ёй на ўсе нумары — ні адзін з іх не адказваў. Яны звязаліся з роднымі. Позна ўвечары сын і айчым зайшлі ў кватэру і ўбачылі яе гаспадыню мёртвай. Усюды была кроў. Расказваем пра трагічны лёс журналісткі Веранікі Чаркасавай, забойства якой не раскрытае дагэтуль.
Зорка тэлебачання і друкаванай прэсы
Беларусь — вельмі небяспечная краіна для журналістаў. Нават на момант гэтай публікацыі за кратамі знаходзяцца 15 прадстаўнікоў гэтай прафесіі. Былі і тыя, хто за сваю працу заплаціў жыццём. Самая рэзанансная гісторыя звязаная з Дзмітрыем Завадскім, якога ў 2000 годзе выкралі і забілі «эскадроны смерці». У загадкавых абставінах пайшлі з жыцця Васіль Гроднікаў (2005) і Алег Бябенін (2010), ва Украіне падарвалі Паўла Шарамета (2016). Адзіная жанчына ў гэтым трагічным спісе — Чаркасава.
Вераніка нарадзілася ў 1959 годзе ў творчай сям'і. Яе маці, Дыяна Чаркасава, усё жыццё працавала ў газеце «Голас Радзімы», якая выдавалася для дыяспары: карэктаркай, літаратурнай супрацоўніцай, адказнай сакратаркай і нарэшце намесніцай галоўнага рэдактара. У 1978-м яна выпусціла кнігу «Люблю» пра жыццё і творчасць паэткі Канстанцыі Буйло, з якой падтрымлівала зносіны доўгія гады. Бацька Анатоль Чаркасаў працаваў рэдактарам айчынных выдавецтваў і перакладчыкам кніг, выпусціў некалькі кніг нарысаў. Калі Вераніка расла, яна бачыла, як часта бацькам (пазней яны развяліся) даводзілася пісаць тэксты ў выходныя, і казала, што сама дакладна не абярэ журналістыку ў якасці прафесіі. Але ў выніку менавіта гэта і зрабіла.
Чаркасава скончыла факультэт журналістыкі БДУ па спецыяльнасці «радыё і тэлебачанне» і пачала працаваць у моладзевай рэдакцыі тады яшчэ савецкага БТ. Зняла некалькі дакументальных фільмаў — пра класіка беларускай літаратуры Максіма Багдановіча, пра Сяргея Мяржынскага (лірычнага героя ўкраінскай паэткі Лесі Украінкі), а таксама пра свайго бацьку. Нейкі час разам з будучым мужам Дзмітрыем Філімонавым працавала над праграмай «Крок». Апошняя з’явілася падчас перабудовы — гэта быў своеасаблівы адказ маскоўскаму «Взгляду». Вядоўцы ў гэтай перадачы перыядычна мяняліся, сярод іх былі Алесь Круглякоў і Ягор Хрусталёў, якія праславіліся пазней.
У пачатку 1990-х Вераніка звольнілася з БТ і на нейкі час перайшла да маці ў «Голас Радзімы». Потым працавала ў найбуйнейшых незалежных выданнях — «Імя», «Беларуская дзелавая газета», «Наша Свабода». У 1995-м яна стала намесніцай галоўнага рэдактара «Беларускай газеты» (менавіта тады яна стала «Белгазетай», бо ўлады забаранілі выкарыстоўваць у назвах айчынных выданняў словы «нацыянальны» і «беларускі»). Там Чаркасава прапрацавала да 2003 года, і гэта была адзіная не журналісцкая, а кіраўнічая пасада ў яе кар’еры.
Тэксты Веранікі прыцягвалі ўвагу дзяржаўных СМІ. Тагачасны рэдактар «Советской Белоруссии» Павел Якубовіч шмат разоў клікаў журналістку да сябе ў рэдакцыю. «Запрашаў, але яна казала: „Не спрацуемся“», — успамінала яе мама.
З часам з нейкіх прычын Чаркасавай стала некамфортна ў «Белгазеце», і яна сама выйшла на рэдакцыю газеты «Салідарнасць» і прапанавала ўзяць яе журналісткай. Там пагадзіліся. Вераніка цудоўна ўпісалася ў новы калектыў. Пазней яе бацькі ўспаміналі, што год працы ў гэтым СМІ іх дачка называла «самым шчаслівым у сваёй прафесійнай кар’еры».
Чаркасава спецыялізавалася на сацыяльнай тэматыцы, расказваючы гісторыі звычайных людзей і пра іх праблемы. Зрэшты, і палітычныя публікацыі ў яе сустракаліся.
«Падчас першага візіту Пуціна ў Мінск у якасці прэм’ер-міністра Аляксандр Рыгоравіч паўстаў у новым іміджы. Яшчэ ў жніўні [1999 года] Лукашэнка зачэсваў любімы касмыль валасоў і раскудлачаныя вусы, што нагадвалі два жмуткі жорсткай саломы, а ўжо 8 верасня ён выйшаў да камер элегантна апранутым і бездакорна падстрыжаным. Прэзідэнту спатрэбілася ўсяго пяць гадоў для таго, каб яго выгляд пачаў адпавядаць пасадзе, якую ён займае. <…> Калі раней яго можна было здымаць толькі спераду (каб не было відаць лысіны), то цяпер дазволена паказваць збоку і ззаду», — пісала яна ў артыкуле «Чалавек у чорным».
«Гісторыя шпіёнскіх скандалаў у Беларусі нагадвае чараду няякасных фальшывак, разлічаных на не вельмі адукаваны і даверлівы вясковы электарат», — канстатавала Чаркасава ў 2002-м у артыкуле «КДБ усё яшчэ сочыць за табой».
А вось так пісала ў 2001 годзе пра бел-чырвона-белы сцяг: «Замяніць у загадным парадку дэкрэтам старую нацыянальную сімволіку на новую немагчыма. Тое, што складалася стагоддзямі, усё роўна будзе прарастаць у народзе знутры, як упарта цягнуцца да сонца каласы жыта на даўно забытым полі. І змагацца за свабоду і незалежнасць ідуць пад сцягам, за які паміралі продкі, бо ён як намоленая ікона, што стагоддзямі ўбірала ў сябе надзею і любоў народа».
Забойства і інсцэніроўка
45-гадовая Вераніка жыла ў двухпакаёвай кватэры на вуліцы Някрасава. З мужам на той час яна даўно развялася. Сын Антон жыў на вуліцы Кнорына з бабуляй і яе мужам (айчымам Веранікі). Гэта журналіст Уладзімір Мялешка, які ў мінулым працаваў галоўным рэдактарам літаратурна-драматычнага вяшчання «Белтэлерадыё» (далей мы будзем называць яго дзедам Антона).
Падлетку тады было 14 гадоў, і жыццё ў бабулі з дзядулем ён тлумачыў тым, што мама ўвесь час была занятая на працы і не паспявала ім займацца. Сама Вераніка вельмі перажывала праз гэта, але спадзявалася, што праз пару гадоў, калі Антон падрасце і не будзе мець патрэбы ў пастаяннай апецы, ён будзе жыць з ёй. Іх адносіны былі цудоўнымі, яны пастаянна размаўлялі і бачыліся.
20 кастрычніка ў 08.45 Вераніка патэлефанавала на Кнорына. Трубку зняла яе мама. Журналістка паскардзілася на разбіты бампер сваёй машыны, маці расказала апошнія навіны, спытала, як прайшла нядаўняя камандзіроўка, пасля чаго размова скончылася. Праз некалькі хвілін айчым, пачуўшы пра разбіты бампер, перазваніў Вераніцы і пацікавіўся, ці не патрэбная яго дапамога ў рамонце аўтамабіля. Яна адказала, што паломка несур’ёзная, дасць рады сама.
У 09.15 Вераніцы з мабільнага патэлефанаваў сын. Ён не пайшоў на ўрок фізкультуры (меў вызваленне) і ехаў на трамваі на рынак «Аквабел», каб купіць камп’ютарную мышку (хлопец захапляўся камп’ютарнай тэхнікай). Размова доўжылася менш за хвіліну. Антон пытаў у мамы, ці патрэбны ёй яшчэ CD-RW-дыск, пра які яна казала на выходных. У момант званка трамвай знаходзіўся ў раёне Севастопальскага парку. На наступны ўрок, які пачынаўся ў 10.05, Антон ужо вярнуўся ў школу.
У гэты час журналістка збіралася на працу. Яна паспела зрабіць макіяж і ўкласці валасы, заставалася толькі зняць халат і надзець вопратку. І тут у дзверы пазванілі.
Як лічыў у сваім расследаванні журналіст Сяргей Сацук (цяпер ён палітвязень, асуджаны на восем гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму), гэта адбылося прыкладна ў 09.50. У суседняй кватэры жыла дзяўчынка, якая з 09.00 да 10.00 глядзела па тэлевізары мультфільм. Ён ужо падыходзіў да канца, калі яна пачула, як на пляцоўцы нехта ходзіць, потым адчыніліся дзверы суседзяў, «цёця войкнула», дзверы зачыніліся — і на гэтым усё сціхла. Сцены ў доме былі тонкімі, калі б былі іншыя гукі, дзяўчынка б іх пачула.
Калі Чаркасава не прыйшла на працу, калегі пачалі ёй званіць. Ні гарадскі, ні мабільны тэлефоны не адказвалі. Урэшце каля васьмі вечара яны звязаліся з сяброўкай Веранікі, і тая патэлефанавала яе бацькам. Каля 23 гадзін занепакоеныя Антон з дзядулем зайшлі ў кватэру.
Вераніка была мёртвая. Яе цела знаходзілася ў гасцёўні, недалёка ад дзвярэй. Рукі былі закінутыя ўверх і злёгку разведзеныя ў бакі. Ступні — пакладзеныя адна на адну. Справа ад цела на мяккім дыване былі параскіданыя аскепкі разбітай шклянкі з тоўстага шкла, побач ляжалі венік і шуфлік. Хатні халат выглядаў акуратна: ні адарваных гузікаў, ні перакосаў, ні задраных рукавоў ці падола.
На целе эксперты налічылі 43 нажавыя раненні. Асабліва дасталося рукам, нібы жанчына абаранялася імі. Аднак для такога жудаснага забойства ў кватэры засталося занадта мала крыві. Адзін з аўтарытэтных крыміналістаў, да якога звярнуўся Сацук, заўважыў, што кроплі былі распырсканыя не з таго месца, дзе забівалі ахвяру, а з бліжэйшай адлегласці (пра гэта сведчылі моцна адрозныя памеры кропель крыві, а таксама разрывы паміж кроплямі адной траекторыі). На думку эксперта, кроў па сцяне забойца, хутчэй за ўсё, распырскаў спецыяльна, «для большага эфекту».
Акрамя аскепкаў шклянкі, якая чамусьці разбілася аб мяккі дыван, у гасцёўні не было абсалютна ніякіх слядоў барацьбы. Між тым злева ад цела Веранікі стаяла этажэрка, на якой знаходзіліся кнігі, радыётэлефон і шмат іншых рэчаў. Калі б ахвяра ў момант удараў сапраўды супраціўлялася, яна б абавязкова нешта зачапіла. А падаючы, абавязкова ўхапілася б за этажэрку, перакуліўшы яе з усімі рэчамі. Так што, хутчэй за ўсё, рэальная карціна была іншай: жанчыну забілі хутка, а потым інсцэніравалі крывавае пабоішча.
Адпяванне Веранікі прайшло ў сталічным Кафедральным саборы. Пахавалі яе ў Калодзішчах, побач з бацькам.
Аб’ект атакі — падлетак
За тры дні да забойства, 17 кастрычніка 2004 года, у Беларусі прайшоў рэферэндум, паводле якога Аляксандр Лукашэнка дзякуючы фальсіфікацыям атрымаў магчымасць балатавацца на пасаду прэзідэнта неабмежаваную колькасць разоў. Сустракаецца меркаванне, што менавіта ўвага свету да нашай краіны ў той момант не дазволіла замяць справу: Лукашэнка даручыў раскрыць забойства за пяць дзён. Аднак думаецца, што рэферэндум тут ні пры чым. На той момант гэта было першае бясспрэчнае забойства журналіста ў Беларусі, якое немагчыма было адмаўляць (фармальна цела выкрадзенага Завадскага так і не знайшлі). Не адрэагаваць на яго было нельга.
Забойца не крануў залатых упрыгожанняў Веранікі, грошай у кашальку і 1350 даляраў у пісьмовым стале — гаворка відавочна не ішла пра рабаванне. Паводле следчых, яны разглядалі больш за дзесяць версій, нават пра рытуальнае забойства, бо аўтарка сярод іншага пісала пра секты. Але ў выніку сілавікі практычна адразу адкінулі версію, што забойства звязанае з працай, і зрабілі стаўку на бытавую, вырашыўшы павесіць злачынства на сына загінулай.
На наступны дзень пасля забойства, 21 кастрычніка, прыкладна, а 15-й гадзіне Антона ў прысутнасці дзядулі (нагадаем, менавіта яны знайшлі цела Веранікі) пачалі дапытваць у крымінальным вышуку Савецкага РАУС. Потым папрасілі яго пачакаць у калідоры, пакуль яны пагавораць з Уладзімірам Мялешкам. Але як толькі хлопец выйшаў, яго, ужо аднаго, хітрасцю завабілі ў іншы кабінет і пачалі прымушаць прызнацца ў забойстве. Ніякага права дапытваць 14-гадовага падлетка аднаго ў сілавікоў не было. Ніякіх падставаў яго падазраваць — таксама.
«Мяне запрасілі ў РУУС. Там без законнага прадстаўніка <…> я сядзеў з трыма супрацоўнікамі РУУС, недзе пяць з нечым гадзін без перапынку доўжыўся допыт. Ледзь не даходзіла да таго, што ўвогуле колькі я знаёмы з маці, бо мы неяк жылі нейкі час паасобку <…>. Пытанні былі ад таго, чаму жылі паасобку, калі мне было гады тры, і да таго, „Што ты тады рабіў 20-га?“» — расказваў ён.
А потым следчым неймаверна пашанцавала. Званок з мабільнага тэлефона, які хлопец зрабіў у раёне Севастопальскага парку, падхапіла вышка, што знаходзіцца ў раёне вуліц Бяды і Някрасава, дзе жыла яго мама. Гэта і стала адзінай рэальнай зачэпкай у гэтай справе.
Антона і яго дзядулю пачалі пастаянна выклікаць на допыты ў гарадскую пракуратуру. Міліцыянеры, якія працавалі над гэтай справай, правялі 25 розных экспертыз, уключаючы пробы сліны, адбіткі пальцаў і зрэзы з адзення. Ніякіх доказаў не знайшлі, але гэта іх не спыніла. На допыце 19 лістапада 2004 года Антону і Уладзіміру паведамілі, што са сведак яны сталі падазраванымі ў забойстве на бытавой глебе.
Галоўным аргументам на карысць бытавой версіі стаў абмежаваны доступ у кватэру: выпадковы чалавек не трапіў бы туды праз зачынены пад’езд, зачыненую пляцоўку паверха і зачыненыя дзверы. Другім аргументам было тое, што злачынца ўзяў на кухні нож, а потым забраў з сабой яго ручку (лязо зламалася падчас забойства). На гэтай падставе следчыя зрабілі выснову, што забойства ўчыніў блізкі чалавек. Аднак на кухоннай шуфлядзе, з якой быў узяты нож, забойца пакінуў крывавы адбітак пальца. Як пісаў Сацук, гэта сведчыла, што па нож злачынца хадзіў, калі яго рукі ўжо былі ў крыві, то-бок пасля забойства.
Ды і аргумент з вышкай нічога не даказваў. Ад Севастопальскага парку да яе было каля кіламетра, а сувязь у межах горада гэтыя вышкі забяспечваюць на адлегласці 1,5 км. Следчыя нават не правялі паўнавартаснага эксперыменту. Замест таго каб праехаць з хлопцам усю дарогу ад школы да рынку на трамваі, яны пасадзілі яго ў машыну, давезлі да Севастопальскага парку, потым зноў жа на машыне даставілі на канцавы прыпынак трамвайнай лініі, адкуль Антон ужо сваім ходам пайшоў на рынак. Зрэшты, нават так аказалася, што па храналогіі хлопчык цалкам паспяваў з’ездзіць на рынак і вярнуцца да наступнага ўрока.
Версія следства заключалася ў тым, што Антон нібыта ездзіў не на рынак (ён не меў пацверджання, што быў там), а ў кватэру маці. Журналіст Сяргей Сацук правёў уласны эксперымент. Аказалася, што, выйшаўшы са школы пасля першага ўрока, Антон быў бы ў маці ўжо ў 09.07, і званок ёй у 09.15 не меў бы ніякага сэнсу. Нагадаем, што дзяўчынка-суседка чула прыход імавернага забойцы прыкладна ў09.50 — калі б гэта быў Антон, ён бы не паспеў вярнуцца ў школу да 10.05.
Статус падазраванага і допыты даваліся 14-гадоваму хлопчыку цяжка і давялі яго да нервовага зрыву. Адразу пасля забойства яго паставілі на ўлік у гарадскім дзіцяча-падлеткавым псіханеўралагічным дыспансеры. А пасля выстаўлення абвінавачання ён быў шпіталізаваны ў аддзяленне неўрозаў Рэспубліканскай псіхіятрычнай клінікі.
Пры гэтым у студзені 2005-га следчы падпісаў пастанову пра правядзенне прымусовай псіхіятрычнай экспертызы Антона. Нібыта той няшчыры на допытах. 1 лютага следчыя прыйшлі проста ў школу, каб павезці хлопца на гэтую экспертызу (яна працяглая і праходзіць у стацыянары псіхіятрычнай бальніцы). Аднак ён здолеў патэлефанаваць бабулі, тая паспела прыехаць і не дала забраць хлопчыка. Ужо назаўтра ў Мінск прыехаў бацька, Дзмітрый Філімонаў, і забраў сына да сябе ў Маскву — далей ад гэтага кашмару.
Толькі ў сакавіку 2005-га пастанову пра прымусовую экспертызу адмянілі. А ў красавіку наогул спынілі крымінальны пераслед Антона і яго дзядулі «ў сувязі з адсутнасцю ў іх дзеяннях складу злачынства». Пасля гэтага сын забітай журналісткі змог вярнуцца дадому.
Нераскрытае забойства
У снежні 2005-га расследаванне забойства прыпынілі. Але гэта не значыла, што сілавікі перасталі пераследаваць Антона Філімонава. Літаральна тады ж, 27 снежня, яго затрымалі — прычым ён сам даў міліцыі карты ў рукі.
Хлопец захапляўся камп’ютарамі і паспрачаўся з сябрамі, у каго лепшая тэхніка. Сваю рацыю Антон вырашыў даказаць тым, што… адсканаваў і раздрукаваў у сябе дома некалькі грашовых купюр па 5 і 10 тысяч рублёў (тады гэта было каля 2,5−5 даляраў). І аддаў іх сябрам. Тыя вырашылі праверыць на практыцы, ці прымуць купюры за сапраўдныя, і без удзелу Антона пачалі купляць на іх цыгарэты ў розных раёнах Мінска. Усіх пяцярых падлеткаў затрымалі і адправілі на некалькі сутак у ІЧУ. Але 30 снежня чацвярых адпусцілі, а вось Антона перавялі ў СІЗА і завялі справу пра выраб фальшывых грошай.
Сілавікі скарысталіся гэтым. Ніякіх следчых дзеянняў па гэтай справе не праводзілася, затое да хлопца прыходзілі невядомыя і прапаноўвалі напісаць прызнанне ў забойстве. «Мы размаўлялі з нейкімі начальнікамі. Яны нам адказалі: „А гэта не допыт. Гэта яны з ім размовы праводзяць“. Вядома, калі кажуць: „Ты ў нашых руках, і мы што захочам, то з табой і зробім!“, дык гэта называецца размова?!» — абуралася бабуля Антона.
У канцы лютага 2006-га расследаванне справы пра забойства журналісткі афіцыйна аднавілася. Толькі ў сярэдзіне сакавіка падлетка адпусцілі пад заклад у 7,5 тысячы даляраў ЗША, які ўнеслі яго сваякі. У следчым ізалятары ён прабыў 2,5 месяца. На наступны дзень справу пра забойства яго маці зноў прыпынілі.
Тым часам пачалося следства па фальшывых грашах. Пракурор запатрабаваў для 16-гадовага Антона чатыры гады пазбаўлення волі, для астатніх абвінавачаных — па тры. Аднак суддзя прадэманстраваў паблажлівасць і перакваліфікаваў абвінавачанне на больш мяккую частку артыкула. У выніку ў красавіку 2006-га суд асудзіў хлопца на 2,5 года пазбаўлення волі з адтэрміноўкай выканання прысуду на два гады.
Неўзабаве расследаванне забойства Чаркасавай аднавілі яшчэ раз, але ў лютым 2007 года прыпынілі зноў — гэтым разам канчаткова. Больш яго не аднаўлялі.
Аднак ад Антона Філімонава сілавікі не адчапіліся. У тым самым годзе яго абвінавацілі ў тым, што 1 траўня 2007-га ён нібыта наўмысна нанёс цяжкія цялесныя пашкоджанні «блізкаму чалавеку» і ўцёк. Кім быў гэты «блізкі чалавек», ніхто не ведаў. Праз два тыдні на Антона завялі крымінальную справу. Хлопец разважліва з’ехаў за мяжу, і яго абвясцілі ў міжнародны вышук.
Пра тое, што гэтая справа наўрад ці была выпадковай, сведчыць выказванне тагачаснага намесніка генеральнага пракурора Беларусі Віктара Пруса: маўляў, калі ўжо Філімонаў наўмысна нанёс цяжкія цялесныя пашкоджанні «блізкаму чалавеку», то «былі ўсе падставы думаць пра яго датычнасць да забойства маці».
У кастрычніку 2008-га Дыяну Чаркасаву і яе мужа зноў выклікалі на допыт, пытаючы, дзе знаходзіцца Антон. У іх кватэры правялі ператрус на прадмет «зброі, наркотыкаў, скрадзеных рэчаў». У 2010-я гады сілавікі сцвярджалі, што расследаванне прыпыненае, але аператыўна-вышуковыя мерапрыемствы нібыта праводзяцца. Насамрэч справа, хутчэй за ўсё, была адпраўленая ў архіў.
Айчым забітай журналісткі, Уладзімір Мялешка, памёр у 2019 годзе. Больш за дзесяць гадоў ён змагаўся з цяжкім захворваннем. Рэгулярныя візіты сілавікоў, якія шукалі іх унука (пажылых людзей турбавалі нават у 06.30 раніцы), былі выпрабаваннем для яго і жонкі. У 2024 годзе памерла і яна. Праўды пра гібель дачкі 89-гадовая Дыяна Чаркасава так і не даведалася.
У памяць пра Вераніку засталіся яе тэксты. Пасля забойства калегі сабралі яе артыкулы, нарысы і эсэ, апублікаваўшы зборнік з сімвалічнай назвай «Чырвоным па белым».
Чаму яе забілі?
Адну з версій прапанаваў журналіст-расследавальнік Сяргей Сацук.
За два гады да трагедыі ў прэсе пачалі з’яўляцца паведамленні, што айчынны прыватны банк «Інфабанк» (у 2005-м ён стаў «Трастбанкам») нібыта мае дачыненне да адмывання сродкаў ад продажу зброі Іраку. Кіраўніцтва «Інфабанка» арганізавала беларускім журналістам паездку ў гэтую краіну, каб спыніць чуткі і на месцы паказаць, чым там займаецца банк. У складзе дэлегацыі была і Вераніка. Падчас паездкі яна пазнаёмілася з адным з супрацоўнікаў банка. Потым паміж імі, паводле яе бацькоў, не было абсалютна ніякіх кантактаў, але за некалькі месяцаў да трагедыі яны раптам сталі камунікаваць, а журналістка нечакана пачала збіраць інфармацыю пра «Інфабанк». Магчыма, гэта некага напалохала — і не банкіраў, а некага больш значнага, хто меў дачыненне да гандлю зброяй.
Пазней у СМІ з’явілася іншая версія — што Вераніка магла стаць ахвярай супрацьстаяння двух кланаў, якія кантралявалі гомельскі завод па вытворчасці вінаў. Нібыта журналістка мела інфармацыю, разгалошванне якой пагражала аднаму з бакоў канфлікту стратай вельмі буйной сумы грошай.
Так ці інакш, на гэты момант прычыны забойства і асобы забойцаў Чаркасавай усё яшчэ невядомыя.
Чытайце таксама

